ВАЕ́ННАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сістэма прававых нормаў, якія вызначаюць прынцыпы і формы арганізацыі ўзбр. сіл, абавязкі, правы і адказнасць ваеннаслужачых. Да ваеннага заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносяцца нормы, якія вызначаюць пабудову яе Узброеных Сіл, арганізацыю ваен. кіравання, парадак камплектавання кадраў і запасу асабовага складу, парадак праходжання ваен. службы, прававое становішча ваеннаслужачых і інш. Гал. крыніцамі ваеннага заканадаўства з’яўляюцца законы «Аб абароне» і «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» ад 3.11.1992, «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, а таксама воінскія статуты і нормы крымін. права аб адказнасці за ваен. злачынствы.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)